ХІ́МІЯ ТО́РФУ,
навука пра састаў і хім. ўласцівасці торфу, якія вызначаюць асн. кірункі перапрацоўкі тарфяной сыравіны з мэтай атрымання разнастайных прадуктаў і матэрыялаў для розных галін гаспадаркі.
Асн. кірункі навук. распрацовак: сувязь хім. саставу з відам і тыпам торфу; хімія гумінавых кіслот, піроліз торфу; вытв-сць біялагічна актыўных рэчываў гумінавага паходжання, тэхналогіі атрымання воску, прэпаратаў для медыцыны, быт. хіміі, сарбцыйных матэрыялаў для ачысткі сцёкавых вод ад нафтапрадуктаў і іонаў цяжкіх металаў, фарбавальнікаў і інш. Вял. клас арган. злучэнняў торфу — бітумаў, вугляводаў, гумінавых рэчываў — вызначае яго каштоўнасць як хім. сыравіны і арган. ўгнаення. Тэрмічная перапрацоўка торфу дазваляе атрымліваць тэхнал. газ, вадкае паліва, кокс, вугляродныя сарбенты і інш.
На Беларусі як самаст. галіна хіміі пачала фарміравацца з 1912 на Мінскай балотнай доследнай станцыі. З 1932 даследаванні па Х.т. вядуцца ў Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН. Уклад у фарміраванне і развіццё навук. даследаванняў па Х.т. зрабілі П.І.Бялькевіч, У.Я.Ракоўскі, І.І.Ліштван і інш. Гл. таксама Тарфяная прамысловасць, Торфаздабыча, Торфалячэнне.
Літ.:
Лиштван И.И., Король Н.Т. Основные свойства торфа и методы их определения. Мн., 1975;
Раковский В.Е., Пигулевская Л.В. Химия и генезис торфа. М., 1978;
Тишкович А.В. Использование торфа в сельском хозяйстве. Мн., 1984;
Белькевич П.И., Голованов Н.Г., Долидович Е.Ф. Битумы торфа и бурого угля. Мн., 1989.
І.І.Ліштван.
т. 17, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)